Белае віно і чырвонае

Сёння Уладзімір Някляеў адзначае сваё 75-годдзе. Уладзімір Някляеў — адзін з тых, каго прынята называць сумленнем нацыі. Чалавек, які прайшоў выпрабаванне і «меднымі трубамі», і турмой. Яго раманы не пакідаюць абыякавых, яго паэмы заварожваюць і ўлюбляюць. 9 ліпеня Уладзімір Пракопавіч адзначыць сваё 75-годдзе. Напярэдадні ён пагадзіўся адказаць на пытанні для чытачоў «Новага Часу». — 75 вельмі прыгожая лічба. Гэта тры разы па 25. Ужо ёсць немалы досвед, шмат дасягненняў. Але, мне здаецца, мала хто прыходзіць да гэтай даты з такой 25-гадовай душой, як у вас. Ці памыляюся?— Чаму мала хто? Па-мойму, да скону ў кожным чалавеку душа нават не 25-гадовая, а дзіцячая…Давайце вось што зробім. Нядаўна я скончыў раман «Гэй Бэн Гіном», у якім шмат аўтабіяграфічнага. І калі вы не супраць, паспрабую адказаць на некаторыя вашы пытанні цытатамі з рамана. Вось адказ на першае:«Паўсюль паперадзе Віктара (такое імя ў героя рамана) бегла ягонае дзяцінства. Вунь яно бяжыць пастушком па выгане, грае на зробленай дзедам са старой яблыні жалейцы.