Віктар Шалкевіч: На нас глядзелі, як на багоў з Алімпа

Як 30 гадоў таму ў будынку часоў Антонія Тызэнгаўза пачаў працу гарадзенскі тэатр лялек. Трыццаць гадоў таму ў будынку, часоў Антонія Тызэнгаўза, падскарбія Літоўскага, пачаў працу гарадзенскі тэатр лялек. Тэатр, як творчая пляцоўка, якая была міла як дарослым, гэтак і дзецям. «Радыё Рацыя» пагутарыла з музыкам Віктарам Шалкевічам пра найбольш цікавы перыяд жыцця тэатра, які, на яго думку, застаўся ў мінулым. - Я ў тэатр лялек прыйшоў у 90-я гады. Практычна першы тэатр стварыўся, калі Бардыга Мікалай Іванавіч быў яго дырэктарам. Яны цёгаліся па закавулках, а потым ім аддалі былую „Драму” (тэатр Драмы – рэд. ), які называлі „драмсарайчык”. Потым прыйшоў Мікалай Мікалаевіч Андрэеў. - Ці можна лічыць, што пры Мікалаю Андрэеву тэатр набыў больш беларускі густ? - Так. Пачынаўся тэатр у савецкія часы, а потым ужо калі настала незалежнасць прыйшоў Андрэеў. Калі прыехаў у 90-я гады, ён заняўся тым, што актыўна ставіў п’есы беларускіх пісьменнікаў: „Чортаў скарб” Уладзіміра Караткевіча, потым паставіў „Пра Івана ганчара і пачвару цара” Анатоля Грачанікава, потым ён паставіў „Тутэйшыя” Янкі Купалы, „Дзякуй, вялікі дзякуй” Анатоля Вярцінскага.