«Вастрыце вілы, назапашвайце прадукты, рыхтуйцеся да рашучых дзеянняў»

Беларускі час ідзе! Мінуў амаль год з таго моманту, як 200 смелых жанчын выйшлі ў першы ланцуг салідарнасці, піша «Менск разам». Гэты ўчынак стаў рашучым адказам на дзеянні акупацыйнага рэжыму за 3 самыя жорсткія дні пасля выбараў. Тады ўскалыхнулася ўся Беларусь. Тады беларуская нацыя праявіла сваё адзінадушша і выступіла супраць гвалту, нематываванай жорсткасці, забойстваў і скрадзенай будучыні. Усе як адзін ведалі, што нас большасць, што мы разам!Мінуў год. . . Матулі і жонкі палітзняволенных беларусаў запісваюць вельмі моцны і шчыры відэазварот да ўсіх тых, хто выходзіў і бараніў нашую свабоду. Да ўсіх тых, хто застаўся на волі. Да ўсіх тых, каму балюча бачыць, чуць ці казаць пра акупацыю. Да ўсіх тых, хто не прадаў сумленне і не змяніў сваіх поглядаў. Каб ведалі, што за іх сядзяць іх палечнікі, сябры, проста знаёмыя і незнаёмыя, але людзі. Бо амаль год таму мы выходзілі, каб людзьмі звацца! Не народцам, не кармавой базай, а беларускім народам!Хіба маем мы маральнае права забыцца і перагарнуць старонку? Хіба маем мы маральнае права перад самімі сабой заплюшчыць вочы і ісці далей так, як быццам нічога і не было? І наш адказ рашучае Не!.