Будслаўскі фэст сабраў 30 тысяч вернікаў

Пешкі, на ровары, асабістым і грамадскім транспартам прыбывалі вернікі да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. 1992 год – год першага афіцыйнага паломніцтва ў Будслаў. Тады ў ім удзельнічалі 45 пілігрымак з 70-ці мясцовасцяў. Сёлета праз пандэмію каронавірусу фармат змянілі. З арганізаваных пілігрымак былі толькі дзве: пешая з Ракава і роварная з Менску, перадае «Белсат». «Гэта вельмі старажытная традыцыя, не толькі ў хрысціянстве, у іншых рэлігіях: прыйсці, ахвяраваць час, намаганне Богу. Праз што мы паказваем каштоўнасць таго, аб чым мы просім», – адзначае біскуп Алег Буткевіч. За два фестывальныя дні Будслаў прыняў больш за 30 тысячаў чалавек. На начную святую імшу сабралася столькі вернікаў, як і ў «даковідныя» гады. Са словаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з усёй краіны людзі прыбываюць сюды, каб зарадзіць свой духоўны акумулятар. Ксёндз Алег Шпец, які прывёў роварную пілігрымку з Менску: «Гэта месца, якое яднае, акрыляе, дае сілы духоўнай, таму ўсе з задавальненнем сюды едуць».