Біскуп Алег Буткевіч на імшы ў Будславе: Молімся, каб Беларусь стала краінай для годнага жыцця

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі пачаў прамову словамі Якуба Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы…». У межах Будслаўскага фэсту 2–3 ліпеня цэлебрацыю святой Імшы апоўначы, якой папярэднічалая традыцыйная працэсія са свечкамі, узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, перадае krynica. info. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Казімір Велікаселец, Юрый Касабуцкі, Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і больш за семдзесят святароў. У начной святой Імшы брала ўдзял вялікая колькасць вернікаў, параўнальная з «дакавіднымі» гадамі. Вітаючы ўсіх удзельнікаў, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату адзначыў, што ў гэты неспакойны і нялёгкі час, азмрочаны пандэміяй, грамадска-палітычным крызісам у краіне і нядаўнім пажарам у Нацыянальным санктуарыі, вернікі прыходзяць сюды, несучы да Маці боль сваіх сэрцаў, а Яна кожнага туліць да сябе і па-мацярынску суцяшае.