«Павел Севярынец глядзеў у сэрца народа»

Прычым народ для яго - усе тыя, хто жыў тут ад пачатку пісьменнасці і дзяржаўнасці. Гэтай вясной Павел Севярынец атрымаў сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас шматдзённага судовага працэсу ён прынцыпова маўчаў, піша для novychas. by Аляксей Шэін. Толькі ў сам дзень абвяшчэння прысуду, калі ў будынак урэшце пусцілі журналістаў і сваякоў, «завёў» залу, стоячы за кратамі: «Верым! Можам! Пераможам!». Маўчаў ён і да суда, адмаўляючыся даваць паказанні на допытах. А калі ў яго запатрабавалі адказу, то заявіў: «Я ўжо ўсё сказаў у сваіх кнігах». Як пісалася гэтая кніга?Кніг у Паўла, і праўда, шмат. Галоўная з іх – «Беларусалім». Тры часткі рамана, у якім зло і дабро змагаюцца за Беларусь і ў сэрцах саміх беларусаў. Павел пісаў гэтую кнігу пятнаццаць гадоў, з 2005-га па 2020-ы. Зрэшты, яна магла да нас і не дайсці. Умовы, у якіх ствараўся раман, былі самыя розныя: СІЗА КДБ; «хімія» ў Малым Сітна, дзе Павел адбываў першае пакаранне; затым, праз некалькі гадоў, – «хімія» ў Купліне.