![]()
Гісторыя Ірада і святога Яна Хрысціцеля вельмі добра нагадвае беларускую рэчаіснасць. Яго голас гучаў грамчэй за сотні іншых галасоў гэтага свету. Ён быў гучней за галасы дзяржаўных і рэлігійных дзеячоў. Да яго голасу прыслухоўваліся тыя, хто мае ўладу і падуладныя. Ён прамаўляў да розуму чалавека і заклікаў да навяртання. Яго голас немагчыма было не пачуць, бо быў сугучны з голасам сумлення цэлага народа. Гэта голас святога Яна Хрысціцеля – прарока, пра ўнікальнасць якога сведчыў сам Ісус, называючы яго“ найбольшым сярод народжаных ад жанчыны”. Толькі аднаго святога – гэта Яна Прадвесніка- Касцёл Каталіцкі ўзгадвае два разы на год, 24га чэрвеня, адзначаючы яго нараджэнне для свету і 29га жніўня – нараджэнне для неба – пакутніцкую смерць. Так склалася гістарычна і можна меркаваць, што першы храм і манастыр на зямлі беларускай быў асвечаны у гонар святога Яна Хрысціцеля. Быў ён у Полацку і яго паўстанне наўпрост звязана з місіяй Торвальда Вандроўніка са Скандынавіі, які, як пішуць сагі, ахрысціў Полацк ў 986г.