Салідарнасць па-беларуску

Каін не беларус. Грэшны чалавек і жыццёвыя прынцыпы мае грэшныя. Чалавек жа, які вызваляецца ад зла, жыццёвыя прынцыпы таксама меняе. Каін, пасля забойства свайго брата, агучыў свой прынцып так: „хіба я вартаўнік брату майму?”(Быццё 4,10). На пытанне Бога: “дзе брат твой?” Каін напачатку казаў: “не ведаю”. Безумоўна, калі не свядома, то на ўзроўні падсвядомасці кожны разумее, што гэта няправільны прынцып. Нездарма ж таксама Апосталы, трапіўшы ў небяспеку буры на Галілейскім моры, звярнуліся з пытаннем да Ісуса: „Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?” (Мк 4, 38). Яны, як і кожны з нас, спадзяваліся, што іх асабістая праблема мае быць клопатам таксама іншага чалавека. Чаму? А менавіта таму, што свет ўладкаваны згодна з законам любві і мы створаныя, каб заўважаць патрэбы іншага чалавека. У сябе на канале я шмат гаварыў пра асноўныя каштоўнасці грамадскага жыцця: праўду, справядлівасць, свабоду і любоў. Аднак, мала прысьвячаў увагі прынцыпам Сацыяльнага Вучэння Касцёла: супольнаму дабру, субсідыярнасці і салідарнасці.