![]()
У жніўні многія чальцы незалежных прафсаюзаў выйшлі на страйкі. 17 чэрвеня ў анлайн-фармаце адбылося ўганараванне Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго сяброўскіх арганізацый у якасці лаўрэата міжнароднай прэміі імя Артура Свэнсана, паведамляе racyja. com. Старшыня арганізацыі Аляксандр Ярашук адзначыў падчас цырымоніі, што надзвычай ганарыцца прысуджэннем такой узнагароды незалежным прафсаюзам краіны. «Справа, пачатая летась у жніўні, калі многія нашы сябры выйшлі на страйкі, змагаліся за тое, каб насталі перамены, каб мы сталі жыць ва ўмовах дэмакратыі, — пакуль яшчэ мы перамогі не дасягнулі. Але хачу запэўніць: мы абавязкова гэта зробім і апраўдаем узнагароду, якую лічым толькі авансам». Прэмія Артура Свэнсана прысуджана незалежнаму прафсаюзнаму руху Беларусі ў красавіку за «бясстрашную барацьбу за дэмакратыю і асноўныя правы прафсаюзаў у апошняй дыктатуры Еўропы».