Каталіцкая архідыяцэзія заклікае выканаць гімн «Магутны Божа» падчас імшы 3 ліпеня

Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі будзе прасіць Бога, каб захаваў нас і наш край ад усяго злога. Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі 16 чэрвеня заклікала сьвятароў архідыяцэзіі ўключыць у малітву вернікаў падчас імшы 3 ліпеня заклік да еднасьці і супакою ў Беларусі. «Калі будзе такая магчымасьць, то просім дадаць заклік у агульную малітву вернікаў падчас любой Сьвятой Імшы 3 ліпеня аб еднасьці і супакоі ў нашай краіне, а таксама заклік аб тым, каб рашэньні, якія прымаюцца сёньня, у ХХІ стагодзьдзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагодзьдзі», — сказана ў паведамленьні, падпісаным натарыюсам Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Раманам Страшком. «Таксама ў гэты дзень, 3 ліпеня, Курыя заахвочвае напрыканцы Сьвятой Імшы выканаць гімн „Магутны Божа“, у якім будзем прасіць Усёмагутнага Бога, каб захаваў нас і наш край ад усяго злога», — цытуе паведамленьне сайт catholic. by. Паведамленьне Курыі выглядае як адказ на просьбу беларускіх уладаў да вернікаў розных канфэсій арганізаваць малітву «За Беларусь!» на сьвята 3 ліпеня.