Восьмы дзень пратэсту на граніцы з Беларуссю

Каля польскіх Баброўнікаў, што мяжуюць з беларускай Бераставіцай, знаходзіцца шмат пікетоўцаў з нацыянальнай сімволікай. Сярод іх – лідар НАУ Павел Латушка, які адзначае, што «наша шматдзённая акцыя паказала, што змагацца за свабоду і дэмакратыю Беларусі можна і трэба ў любых умовах», перадае «Радыё Рацыя». Сярод прысутных таксама дэпутат польскага Сейму – Робэрт Тышкевіч:– Сёння чарговы дзень пратэсту – блакады памежнага пункту ў Баброўніках. Гэты пратэст пашырыўся і на іншыя краіны, якія суседнічаюць з Беларуссю – на Украіну, на Літву. Але пачаўся ён тут – у Баброўніках тыдзень таму. Гэта паказвае вялікую мэтанакіраванасць беларускага народу і беларускай дыяспары ў Польшчы, якія чакаюць адкрыцця наземных граніц і рэальных санкцый з боку Еўрапейскага звязу. Давайце іх падтрымаем у іх змаганні, не можа быць цішыні вакол беларускай справы. Жыве Беларусь! Фота: Facebook Георгія Дзмітрука Граніцу з Беларуссю сёння часова заблакавалі ўдзельнікі мітынгаў адразу ў трох краінах: Польшчы, Літве ды Украіне.