Як склаліся лёсы дэпутатаў БНФ, што абвясцілі незалежнасць

Сваю гістарычную місію яны выканалі. У 1990 годзе беларусы ўпершыню выбралі сапраўдны парламент — Вярхоўны Савет 12 склікання. Туды трапілі 28 дэпутатаў, якія аб’ядналіся ў апазіцыю Беларускага народнага фронта. Як склаўся лёс гэтых людзей, якія абвясцілі незалежнасць краіны? Аб гэтым пiша nn. by. ПамерліЗ часу выбараў прайшло ўжо больш за трыццаць гадоў, парламент таго склікання скончыў працу чвэрць стагоддзя таму. Не дзіўна, што не ўсе дэпутаты БНФ з намі. Памерла ўжо амаль траціна: дзевяць чалавек. Першым у іншы свет у 1999-м адышоў Ігар Пырх. Яму было ўсяго 50. «Наколькі я памятаю, рак», — сцісла каментуе Сяргей Навумчык. Палкоўнік міліцыі з Гомеля, Пырх узначаліў камісію па ГКЧП і спрабаваў прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія падтрымалі путчыстаў. Безвынікова. Як кажа Сяргей Навумчык, Пырх хацеў удзельнічаць у знакамітай галадоўцы 1995-га (каб не дапусціць рэферэндум па змене сімволікі і статуса дзяржаўнай мовы), але мусіў класціся ў шпіталь, і Пазняк параіў яму не рызыкаваць здароўем.