«Шмат людзей сталага ўзросту выступаюць за перамены, што мяне здзівіла»

Беларускамоўны таксіст — пра сябе, пасажыраў і размовы ў салоне. Калі па яго прадпрыемстве ўдарыў крызіс, Сяржук Чайка рашыўся на эксперымент — пайсці таксаваць. Хлопцу, які заўсёды гаворыць па-беларуску, было цікава паглядзець, як такога кіроўцу ўспрымуць пасажыры. І заадно зрабіць выклік інтраверту ў сабе. Пра свой вопыт ён распавёў «Нашай Ніве». «З 30 чалавек у калектыве нас засталося 5—6»На інтэрв’ю Сяржук прыходзіць у касцюме. «Я не кожны дзень так адзяваюся, звычайна на святы — 8 Сакавіка, Дзень Волі. Пасажыры здзіўляюцца: «Даўно не бачылі кіроўцу ў пінжаку». У службе, дзе я працую, ёсць пэўны дрэс-код — мы не можам апранаць спартыўкі, футболкі, байкі. На лета можна пола або кашулю з кароткім рукавом. Я аднойчы падвозіў таксіста убера, які ездзіць у тарыфе павышанага камфорту, і ён скардзіўся: «Класна, што чаявыя пакідаюць, але дрэс-код не магу цярпець». Фото: «Наша Ніва» Сяржук з Ліды, яму 33 гады. Скончыў каледж па спецыяльнасці «тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў», пасля завочна вучыўся ў БНТУ.