Ксёндз з Чырвонага касцёла арганізуе пілігрымку па Беларусі з іконамі Багародзіцы

Яе адпраўным момантам стане парафія Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску. Парафія святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) па ініцыятыве пробашча ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка арганізуе пілігрымку па Беларусі з копіямі найбольш славутых сярод католікаў нашай краіны абразоў Багародзіцы, піша сайт catholic. by. Па ўзгадненні з адпаведнымі ўладамі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк разам з парафіянамі вырашыў арганізаваць незвычайную пілігрымку-перэгрынацыю, якая распачнецца ў Гродне 12 чэрвеня. У гродзенскую катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя з Мінска будуць прывезеныя копіі найбольш шанаваных сярод католікаў Беларусі абразоў Маці Божай. Многія з гэтых ікон ушаноўваюцца таксама праваслаўнымі братамі. Потым копіі абразоў будуць аўтамабільнымі дарогамі правезеныя ўздоўж межаў нашай краіны. Па просьбе беларускага епіскапату, пілігрымка будзе здзяйсняцца выключна на аўтамабілях. Пасля заканчэння пілігрымкі абразы будуць знаходзіцца ў гродзенскай катэдры на працягу тыдня.