Сцяпан не мог зрабіць большага, седзячы ў клетцы. Ці можам мы?

Прайшло некалькі гадзін пасля суда над Сцяпанам Латыпавым… А з галавы ўсё адно не выходзяць, сказаныя ім на пасяджэнні словы. Пасля якіх ён проста паклаў у рот белую анучу, стаў на лаўку і парэзаў сабе горла. Суды над палітзняволенымі становяцца ўжо нечым надзённым і побытавым, але на кожным цябе чакаць нешта асаблівае. Або пасяджэнне зробяць закрытым, або не пусцяць на адкрытае, або наўпрост затрымаюць… Калі зранку я ішла на суд, то маральна гатова была да нечага падобнага. Але дакладна не да таго, што ўпершыню за сваё жыццё пабачу, як чалавек будзе рэзаць сабе горла… І хоць ужо вядома, што Сцяпана прааперавалі і жыццёва важныя органы яго не пацярпелі, але тое, што мы пабачылі сёння ў судзе, падаецца, з памяці не выкрэсліць ніколі. Усё, што я ведала пра Сцяпана, — гэта гісторыя яго затрымання і артыкулы, якія яму прад’явілі. Напэўна, як і большасць. Аказалася, што сваякоў у Сцяпана няшмат. З блізкіх, якія былі на судзе, — бацька і цётка. Астатнія — сябры. Іх у Сцяпана многа, некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі яго падтрымаць.