Тадэвуш Кандрусевіч: Мы патрэбныя адзін аднаму, нельга казаць «мая хата з краю»

Мы павінны будаваць новую Беларусь на хрысціянскіх каштоўнасцях. Свята Тройцы адзначылі ў Глыбокім каталіцкія вернікі. Урачыстую службу ў касцёле ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, перадае «Радыё Рацыя». Глыбачане сустрэлі яго з хлебам і соллю і павіншавалі з 40-годдзем святарства, якое ён адзначае 31 траўня. Наўзаем арцыбіскуп павіншаваў пробашча глыбоцкай парафіі Мікалая Ціхановіча з 20-годдзем яго святарства, дзяцей з прыняццем першай камуніі і выказаў словы падзякі глыбоцкім парафіянам за моцную веру ў Бога. У сваім казанні падчас набажэнства Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што людзі павінны жыць у супольнасці, дапамагаючы адно аднаму ў цяжкіх сітуацыях. – Мы патрэбныя адзін аднаму, быць такімі дзейснымі грамадзянамі сваёй краіны, свайго грамадства. Не можна сказаць, калі мы бачым праблемы, якія ёсць сярод нас, “мая хата з краю, я нічога не знаю. ” Я з’яўляюся грамадзянінам гэтай краіны, і я адказны за яе сённяшні дзень і за яе будучыню. Перадусім таксама і ў яе маральным сэнсе.