«Сёньня час быць героямі прыйшоў для вас!»

Натхняльныя цытаты ад Вітольда Ашурка. Ідэя праекту «Радыё Свабода» «Цытаты праз краты» з натхняльнымі словамі ад вязьняў нарадзілася менавіта дзякуючы лістам Вітольда Ашурка. Тыя, хто зь ім ліставаўся, прызнаваліся: словы Ашурка зь няволі моцна падтрымліваюць і дадаюць надзеі. «Ён нам пісаў так, быццам гэта мы ў турме, а ён на волі», — казалі пра Вітольда ягоныя сябры. Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Працаваў у будаўніцтве «сам на сябе». Быў мясцовым актывістам, сябрам БНФ, каардынатарм руху «За свабоду». Падымаў экалягічныя пытаньні — забруджваньне рэк Дзітвы і Нёмана, забруджваньне паветра бярозаўскім шклозаводам. Выходзіў на адзіночныя пікеты. Усталёўваў разам з паплечнікамі крыжы і помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Шанаваў беларускую мову. Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот.