![]()
Цяпер моц на баку тых, хто паўстаў супраць рэжыму. Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» «Радыё Свабода» дае слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году. Хто такі Сьцяпан ПапоўСьцяпан Папоў — чэмпіён сьвету і Эўропы па самба, пераможца I Эўрапейскіх гульняў, заслужаны майстар спорту. Мае сям’ю, бацька дваіх дзяцей. Пасьля выбараў адным зь першых падпісаў калектыўны зварот спартоўцаў супраць гвалту, за новыя сумленныя выбары. «Я лічу, што гэты зварот адыграў значную ролю. Ніхто не чакаў, што спартоўцы скажуць сваё слова, бо нас у краіне ўспрымалі як маўклівых утрыманцаў — маўляў, „ім дзяржава плаціць грошы — яны будуць маўчаць“. Для чыноўнікаў зварот стаў шокам. Таму яны пачалі актыўна з намі размаўляць, спачатку добра, а калі зразумелі, што колькасьць подпісаў расьце, сталі ўжываць мэтады, якія ім бліжэй — ціск і пагрозы», — успамінае Сьцяпан Папоў.