«Павал змог трыма словамі натхніць усю Беларусь»

Вольга і Ганна Севярынец пра шчасьлівых за кратамі. Жонка і сястра палітвязьня Паўла Севярынца Вольга і Ганна Севярынец — пра свабодных людзей за кратамі, пра тое, што трэба глядзець у вочы роднаму чалавеку, а не на лічбы судзьдзяў, а таксама пра тое, чаму палітвязьні ня будуць сядзець прызначаныя ім тэрміны. 25 траўня агучылі прысуды Максіму Вінярскаму, Дзьмітрыю Казлову, Андрэю Войнічу, Паўлу Севярынцу, Паўлу Юхневічу, Яўгену Афнагелю і Ірыне Шчаснай. Ад 4 да 7 гадоў турмы. Павал Севярынец заявіў, «што ніякага суду не было, а Беларусь будзе вольнай». Зь відэа з залі суду былі відаць не зламаныя, моцныя і прыгожыя людзі. Пасьля суду «Радыё Свабода» пагутарыла з Вольгай і Ганнай Севярынец. «Павал змог трыма словамі натхніць усю Беларусь» Вольга Севярынец: Галоўнае — мы пабачылі Паўла, іншыя родныя пабачылі сваіх родных. Прысуд мы не абмяркоўваем, ён ня будзе сядзець гэтыя гады. Увесь год, што яго не было, за дзесяць хвілін у судзе забыўся пасьля гэтага зрокавага кантакту. Я ўжо мільён разоў паглядзела гэтае відэа, дзе ён кажа, што Беларусь будзе вольнай.