Брат Вітольда Ашурка: Пройдзе час — і загавораць сьведкі

Уладам не схаваць сваіх злачынстваў. Андрэй Ашурак, малодшы брат палітзьняволенага Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калёніі, расказаў пра братавыя праблемы са здароўем і тое, як даведаўся пра ягоную сьмерць, перадае «Радыё Свабода». «Здаровы чалавек памірае ад таго, што спынілася сэрца»У Вітольда засталася жонка Вольга, малодшы брат Андрэй, 83-гадовая маці Алена Міронаўна. Усе жывуць у Бярозаўцы Лідзкага раёну. Жонцы Вітольда пазванілі 21 траўня са шклоўскай калёніі прыкладна ў 21:20. Сказалі: «Ваш муж Ашурак Вітольд Міхайлавіч сканаў ад спыненьня сэрца. Па ўсіх пытаньнях званіце ў Сьледчы камітэт гораду Магілёва». «Паверыць было цяжка, прыняць яшчэ складаней», — кажа Андрэй Ашурак. Цела сям’і яшчэ не аддалі. Сказалі, што неўзабаве будзе заключэньне, тады можна будзе забраць нябожчыка. Наколькі ведаюць сваякі, вядзецца праверка па факце сьмерці. Больш ніякай інфармацыі пра абставіны і прычыны сьмерці няма. Незалежную экспэртызу прычын сьмерці сям’я рабіць не плянуе — ня бачаць сэнсу.