![]()
Сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага пра паездку ў Магілёў. Алена Церашкова, сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, была 12 траўня каля Магілёўскага абласнога суду. Там у закрытым рэжыме пачаўся працэс над яе братам і яшчэ 6 актывістамі, у тым ліку над сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам. Алена Церашкова кажа «Радыё Свабода», што, як і сваякі іншых падсудных, ведала, што ў суд іх ня пусьцяць. «Была ўсё ж нейкая прывідная надзея, што краёчкам вока пабачымся ці хоць здаля будзе магчымасьць, калі іх будуць весьці, крыкнуць словы падтрымкі. Але ўлады такую магчымасьць цалкам выключылі. Яны якраз гэтага — нашай падтрымкі — і баяцца», — мяркуе яна. Паводле Алены, яе ды іншых сваякоў у суд не прапусьцілі міліцыянты ў форме, якія стаялі за турнікетам. Да таго ж іх адразу папярэдзілі, каб адышлі далей ад будынка — «інакш будуць праблемы». Пазьней Алена даведалася, што ў суседнім двары міліцыянты затрымалі двух журналістаў. Сядзіць у камэры, дзе 18 вязьняўБрат Алены Максім Вінярскі быў арыштаваны летась у студзені.