Эсэ «Адвечным шляхам» адзначае сваё стагоддзе

Беларусы беспаваротна сцвердзілі сябе як нацыя з будучыняй. Прайшло роўна стагоддзе, як было напісана філасофскае эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам», пра што сцвярджае дата, якая стаіць у канцы кожнага выдання кнігі — 12 траўня 1921 года. Але ці стала сённяшняя Беларусь тым ідэалам, вобраз якой аўтар акрэсліў 100 год таму?Можна сказаць і не, і так. Адмоўны адказ узнікае, бо ніякі ідэал увогуле недасяжны. Але ён — той узор, што паказвае накірунак руху. І твор Абдзіраловіча — невялікі па памеру, зграбны для чытанкі сучаснаму чалавеку — дазваляе заўсёды аднавіць ідэал Беларусі ў сваёй галаве. «Так» — бо за 100 год нашая краіна прайшла пэўны шлях, умацавала сімвалічныя атрыбуты незалежнасці, займела сталую тэрыторыю, атрымала прызнанне суверэннасці ў свеце, а беларусы беспаваротна сцвердзілі сябе як нацыя з будучыняй. У эсэ не напісана інструкцыі, як ствараць Беларусь. Але аўтар акрэсліў некалькі падыходаў, якія актуальныя і цяпер. Па-першае, Ігнат Абдзіраловіч звяртае ўвагу, што наша краіна знаходзіцца паміж двумя, кажучы сённяшняй мовай, цэнтрамі сілы — Расіяй і Еўропай.