Тадэвуш Кандрусевіч: Бог прамаўляе з намі праз свае знакі

Арцыбіскуп эмацыйна выказаўся пра пажар у Будславе. 11 мая, даведаўшыся пра пажар у Нацыянальным санктуарыі, беларускія іерархі адразу скіраваліся ў Будслаў. Біскупы былі апошнімі, каму пажарныя дазволілі ненадоўга ўвайсці ў святыню. Будслаў наведалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі. «Раніцай даведаўся і быў у шоку, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у размове з Catholic. by. — Мы адразу з біскупамі вырушылі ў Будслаў. Пад’язджаем да месца, з якога адкрываецца від на касцёл, і бачым, што даху ўжо няма, а над святыняй падымаецца дым». «У касцёле ўнутры стаіць возера. Я быў там. Дымка, вада… Пажарныя робяць сваю справу…» — падзяліўся ўбачаным іерарх. Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, «гэта вельмі вялікая трагедыя» як для Касцёла ў Беларусі, так і для краіны, бо нацыянальны санктуарый у Будславе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.