![]()
Беларус – гэта чалавек, вельмі адчувальны да салідарнасці наваколля. Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец апублікавала на партале 34mag. net ўспаміны пра сонечны менскі марш каля ЖК «Каскад»:— Калі перабіраць у галаве рэчы, учынкі, словы, мелодыі, што ёсць цяпер ужо сімваламі беларускіх пратэстаў, вельмі цяжка спыніцца на нечым адным. Час гэты, цяжкі і суворы, надзвычай багаты на сімвалы, сімвалы натуральныя, няштучныя, не прыдуманыя кімсьці, а народжаныя проста на вуліцах людзьмі. Мы цяпер жывём нібыта ўнутры верша – менавіта верша, а не рамана ці жахлівай казкі, бо толькі ў вершах бывае настолькі сканцэнтраванае і шматзначнае наваколле, дзе кожная дэталь альбо падзея – сімвал, прыгожы альбо жудасны. І перабіраючы ўнутры ўсё тое, што назапасіў гэты сімвалічны час, я ўсё ж спыняюся на адным моманце, які стаў для мяне самым яскравым сімвалам таго, што мы перажываем. Я не памятаю назву гэтага марша, але мы ішлі па мосце ад Ціміразева да Кальварыйскай. Людзей было – процьма, і мост для нас быў вельмі вузкі, і калона рухалася павольна-павольна, такімі маленькімі крокамі, каб не штурхаць адно аднаго.