Як расіянін, які жыве ў Бабруйску, цалкам перайшоў на беларускую мову

Гісторія Рыната Выстаробскага. Бабруйчанін Рынат Выстаробскі нарадзіўся ў сталіцы Бураціі – Улан-Удэ (Расія). У Беларусь ён трапіў, калі яго бацькі разышліся, і маці пераехала да сваіх далёкіх родзічаў у Бабруйск. Рынат па-ранейшаму застаўся грамадзянінам Расіі, і карыстаецца пашпартам с двухгаловым арлом. Але яго адметнасць не ў гэтым, а ў тым, што хлопец у паўсядзённым жыцці карыстаецца толькі беларускай мовай. Вabruysk. by спытаў Рыната Выстаробскага, чым адрозніваецца Расія ад Беларусі, як ён стаў размаўляць па-беларуску, і як да гэтага факта ставяцца тыя, хто яго чуе. – Бабруйск, як і іншыя беларускія гарады, адрозніваецца ад расійскіх перш-наперш чысцынёй вуліц і ландшафтнай прыгажосцю. Калі параўноўваць агульна, узровень жыцця ў Беларусі вышэйшы, чым у Расіі. Аднак трэба разумець, што ў розных рэгіёнах РФ ён можа значна адрознівацца. Але, насамрэч, сітуацыя ў краінах падобная: чым далей ад буйных гарадоў, тым горш умовы жыцця. У Беларусі, за кошт яе невялікіх памераў, яны трохі лепш.