Архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій: Нават адзін чалавек, недатычны злу, хлусні і няпраўдзе, можа змяніць свет

Святар звярнуўся да беларусаў з пастырскім словам з нагоды свята Вялікадня. Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць свята Вялікадня. З пастырскім словам да вернікаў звярнуўся Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, арцыбіскуп Гарадзенскі і Ваўкавыскі, перадае «Радыё Рацыя»:— Дарагія браты і сёстры, сардэчна віншую ўсіх вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення – Пасхай Гасподняй! Пропаведзь хрысціянства «ўсім народам» (Мф. 28:19) першапачаткова была пропаведдзю аб Уваскрасенні Хрыста (Лк. 24:46-47). Апосталы казалі пра тую падзею, відавочцамі якой яны былі, пра тыя свае пачуцці, якія яны перажылі, знаходзячыся побач з Уваскрэслым Збавіцелем. Мы ведаем і верым, што Ўваскрасенне Хрыстова для нас – не проста нагода для штогадовага святкавання, а крыніца моцы і перамянення нашага жыцця. Упэўненасць у тым, што Гасподзь наш Іісус Хрыстос, Сын Божы, паўстаў з мёртвых, аб’ядноўвае нас, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, сацыяльным стане, узроўні адукацыі, грамадскіх поглядах, культурных густах, у адзінае цэлае – у Царкву Хрыстову.