Подзьвіг Ермаловіча

Гісторыя — гэта ўваскрашэньне. Упершыню я сустрэўся зь ім у студэнцкія гады. Дзень пры дні ў чытальнай залі беларускага аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі зьяўляўся й заседжваўся да закрыцьця чалавек з надзіва адметным тварам — разумным, прасьветлена-адухоўленым і разам з тым нейкім безабаронным. Прычынаю апошняга быў вельмі слабы зрок: здавалася, лінзы такіх акуляраў імгненна запаляць ад сонца паперу. Мы пазнаёміліся нарэшце ў 1990-м, калі імя Ермаловіча ведаў кожны нацыянальна арыентаваны беларус. Ужо выйшла кнігаю ягонае славутае дасьледаваньне «Па сьлядах аднаго міту», якім мы некалi зачытваліся ў самвыдавецкім варыянце. (З працы Міколы Іванавіча вынікала, што аніякай, здавалася б, назаўсёды замацаванай у школьных і ўнівэрсытэцкіх падручніках «заваёвы літоўцамі беларускіх земляў» у гісторыі не было, а сама летапісная Літва знаходзілася на сучасным абшары Беларусі. )Ужо было вядома, што гэта спадар Мікола пад псэўданімам Сымон Беларус нелегальна выпускаў у сярэдзіне глухіх сямідзясятых часопіс «Гутаркі», які памнажаў ягоны аднадумца мастак Яўген Кулік.