![]()
Іерарх 35 разоў ударыў у звон Нагасакі. 25 красавіка, з нагоды 35-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) і ўсклаў кветкі да звана Нагасакі на прыкасцёльным цвінтары, піша catholic. by. Падчас Эўхарыстыі іерарх разам з парафіяльнай супольнасцю маліўся за ўсіх, хто загінуў і пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года. У IV Велікодную нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, таму ў прамоўленым Божым слове арцыбіскуп напачатку засяродзіўся на евангельскім вобразе Добрага Пастыра, які рупліва клапоціцца пра свой статак. Іерарх нагадаў, што ў біблейскім значэнні слова пастыр азначае не толькі пастуха. Пастырам з’яўляецца бацька і маці, чалавек, які займае тую ці іншую кіраўнічую пасаду. «Ён павінен быць лідарам у сваёй супольнасці, каб паспяхова кіраваць і клапаціцца пра давераных яго апецы людзей — з матэрыяльнага, культурнага і духоўнага пункту гледжання», — дадаў арцыбіскуп.