Павел Севярынец дасканала разумее каштоўнасць свабоды

Нездарма галоўнай гераіні «Беларусаліма» ён даў такое знакавае імя – Воля. Гісторыя сусветнай літаратуры ведае нямала выпадкаў, калі выдатныя, знакамітыя на ўвесь свет творы пісаліся ў турме. З замежнай класікі можна згадаць Дон Кіхота Сервантэса, які неаднаразова прызнаваўся найвялікшым раманам усіх часоў і народаў. З класікі беларускай – Новую Зямлю Якуба Коласа, чыім домам творчасці на цэлыя тры гады яшчэ за царызмам стаў мінскі астрог, вядомы цяпер як Валадарка. Увогуле, з твораў беларускай літаратуры, напісаных у зняволенні, можна скласці цэлую бібліятэку. Чамусьці турма ва ўсе часы (пачынаючы ад Скарыны, які таксама пабываў у вязніцы) з асаблівай прыхільнасцю прывячала беларускіх пісьменнікаў. Дайце веры, калі сплюсаваць усе тэрміны, адседжаныя імі ў няволі, атрымаецца больш за тысячагоддзе. Тысячагоддзе!У гэтую лічбу цяжка паверыць, але я ніколі не забудуся, як мы, студэнты філфака БДУ, прыйшлі ў госці да паэта Сяргея Новіка-Пеюна. Рухавы і ўсмешлівы гаспадар парассаджваў нас на канапе, крэслах і зэдліках, а на заўвагу, чаму сам не прысядзе, адмахнуўся: Ой, хлопчыкі, насядзеўся я.