![]()
Суд абавязаў зьнішчыць рэчавыя доказы, якія належалі тым, каго расстраляюць. У чэрвені 1992 году, калі я як сакратар парлямэнцкай камісіі па СМІ і правах чалавека на запрашэньне Дзярждэпартамэнту быў у ЗША, у Вашынгтоне давялося наведаць штаб-кватэру Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР). І я запытаўся ў намесьніка дырэктара ФБР — ці ня мог бы ён паказаць (а магчыма, і даць патрымаць у руках?) стрэльбу, зь якой Лі Гарві Освальд забіў прэзыдэнта Кенэдзі. Выглядала, просьба яго зьдзівіла, бо ён запытаўся, а чым, уласна, выкліканая такая мая цікаўнасьць. Я патлумачыў, што ў пачатку 60-х Освальд жыў у Менску, і ў дадзеным выпадку ўва мне гаворыць інтарэс журналіста, а не палітыка. Кіраўнік ФБР адказаў мне як юрыст: стрэльба сапраўды захоўваецца ў ФБР, але яна закансэрваваная, і не як музэйны экспанат, а як рэчавы доказ. Бо так, прайшло амаль 30 гадоў з дня забойства ў Даласе, але яшчэ праз 30 крыміналістычная навука можа нагэтулькі прасунуцца наперад, што нешта сёньня нязначнае — акажацца вельмі важным.