Беларуска пра выбух у мэтро: Мяне уразіла тое, што ўнізе ляжалі параненыя, а мужчыны ў цывільным выпытвалі нашы дадзеныя

Алена Лебядзінская згадала падзеі 11 красавіка 2011 года. 10 гадоў таму, 11 красавіка 2011 году, выбух у менскім мэтро адразу забраў жыцьці 11 чалавек, а яшчэ 4 памерлі ў шпіталі ад ран. Тады дзясяткі чалавек атрымалі цялесныя пашкоджаньні рознай цяжкасьці, пацярпелымі было прызнана больш за 200 чалавек. Аднак кампэнсацыю потым выплацілі ня ўсім — у шэрагу выпадкаў экспэртыза не прызнала, што здароўю была нанесеная шкода. Сярод такіх пацярпелых ад выбуху і Алена Лебядзінская — тады працаўніца «Менсктрансу», цяпер пэнсіянэрка. Алена расказала «Радыё Свабода» пра тое, які сьлед у яе жыцьці пакінуў выбух у мэтро, ды згадала падзеі, што былі зь ім зьвязаныя. «Усё зьнікла, акрамя інстынкту самазахаваньня»У той дзень яна вярталася з працы, як заўсёды, на мэтро, — згадвае Лебядзінская. Ехала на «Спартыўную», таму на «Кастрычніцкай» трэба было памяняць лінію. Выйшла зь цягніка і пасьпела ўжо ступіць на эскалятар, як ззаду пачуўся выбух, эскалятар моцна тузанула. Алену штурханула наперад, на яе нешта пачало валіцца, раптам пагасла сьвятло, потым былі нейкія сполахі электрычнасьці ды запахла нібы гаручым плястыкам.