Біскуп Алег Буткевіч: Уваскрасенне Хрыстова дае нам надзею

Віцебскі біскуп павіншаваў ўсіх, хто рыхтуецца адзначыць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў у гэтую нядзелю. Напярэдадні свята Уваскрасення Гасподняга віцебскі біскуп Алег Буткевіч перадае з «Радыё Рацыя» віншаванні ўсім, хто рыхтуецца адзначыць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў у гэтую нядзелю. – Хрыстова Уваскрасенне – гэта падзея, якая ўвасабляе найглыбейшыя памкненні і жаданне чалавека: перамогі дабра над злом, усталяванне справядлівасці, глыбокае жаданне трываласці і вечнасці нашага жыцця. Менавіта ў Хрысце Уваскрослым гэтыя жаданні становяцца рэчаіснасцю нашага жыцця. І тады, калі мы з вераю прымаем прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, калі не застаемся абыякавымі да яго страшэнных пакутаў, да яго пакутніцкай смерці, праз якую Ён выслужыў нам гэтыя дары, то мы становімся ўдзельнікамі яго супакою. Супакою, з якім ён прыйшоў да сваіх спалоханых вучняў у Велікодную раніцу. І гэты спакой ахоплівае ўсё нашае жыццё. Ён дае нам надзею. Вось гэтага супакою хачу пажадаць усім вам, браты і сёстры, напярэдадні вялікага свята.