![]()
Моцны адказ часткі беларускіх спартсменаў на неадэкватнасць улады паставіў іх у шэраг легенд сусветнага спорту. Моцны адказ часткі беларускіх спартсменаў на неадэкватнасць улады паставіў Алену Леўчанка, Аляксандру Раманоўскую і кампанію ў шэраг легенд сусветнага спорту, для якіх пакуты суайчыннікаў — не пусты гук. «Новы Час» прадстаўляе зборную ўсіх часоў з тых, хто не маўчаў. Спорт ніколі не быў «па-за палітыкай». Яшчэ ў 1906 годзе на пазачарговай Алімпіядзе ірландскі прыгун Пітэр О’Конар на цырымоніі ўручэння яму медалёў падбег да флагштока, дзе вісеў флаг Вялікабрытаніі, ускараскаўся наверх і пачаў махаць ірландскім сцягам. На той момант Ірландыя была часткай Брытаніі, але ў тым ліку і смелы ўчынак Пітэра дапамог наблізіць незалежнасць Ізумруднага вострава. Махамед Алі: «Проста забярыце мяне ў турму» Галоўны баксёр ХХ стагоддзя выйграў Алімпіяду-1960 у Рыме і званне чэмпіёна свету ў прэстыжнай версіі. Але над бліскучай кар’ерай навіс пытальнік, калі Алі пачаў гучна выказвацца супраць вайны ў В’етнаме: «Маё сумленне не дазваляе мне страляць у свайго брата… За што? В’етнамцы ніколі не называлі мяне “нігер”, ніколі не лінчавалі, не спускалі на мяне сабак, не забіралі ў мяне грамадзянства, не гвалтавалі і забівалі маіх маці і бацьку… Як я магу страляць у бедных людзей?»Калі Махамеду прыйшла павестка ў В’етнам, ён адмовіўся служыць у войску ЗША.