«Мужыцкі адвакат» Францішак Багушэвіч

Як паэт на поўны голас абвясціў пра існаванне беларускага народа і багацце яго мовы. Францішак Багушэвіч – наш першы выдатны нацыянальны паэт. Ён на поўны голас абвясціў пра існаванне беларускага народа і багацце яго мовы, якую назваў «адзежаю душы». Погляды песняра леглі ў аснову беларускага нацыянальнага Адраджэння. Маладыя гадыФранцішак прыйшоў на свет 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны пад Вiльняй. Блізкім часам бацькі – Канстанцыя і Казімір Багушэвічы – перабраліся жыць у спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета. Там, між прыгожых беларускіх лясоў, лугоў і палёў, прайшло Францішкава дзяцiнства. Там у ягоным сэрцы назаўсёды пасялiлася любасць да беларускай зямлi і роднай мовы. Бацькi-шляхцічы выправiлi яго вучыцца ў Вiленскую гiмназiю. У ёй сябрамi будучага паэта сталі разумныя i смелыя хлопцы Цiтус i Кастусь Далеўскiя, Зыгмунт Мiнейка, Юльян Чарноўскi. Праз дзесяць гадоў, у векапомным 1863-м, гэтыя юнакі сталі паўстанцкімі важакамі і праславілі сябе адвагаю і гераічнымі ўчынкамі.