![]()
Такія феерверкі 25 сакавіка, здаецца, упершыню. Дзесяцігодзьдзямі гадавіна незалежнасьці БНР была сьвятам для пэўнага кола. Гэтае кола было не малым, і пра гэта сьведчаць шматлюдныя шэсьці: у 1996 — 30 тысяч чалавек, шмат сабралося і ля Опэрнага тэатру на 100-годзьдзе БНР у 2018-м. Але якасны склад удзельнікаў быў пастаянным, хаця і зьмяняўся новымі пакаленьнямі: людзі з высокай ступеньню нацыянальнай самасьвядомасьці. Лукашэнка нават знайшоў для іх тэрмін : «сьвядомыя» (дзіўная здольнасьць у Аляксандра Рыгоравіча апаганьваць словыі, якія ў іншых краінах маюць выключна станоўчае значэньне; тое ж тычыцца і «змагароў»). Гэтым разам сытуацыя зьмянілася кардынальна, і сьведчаньне гэтаму — феерверкі ў розных мікрараёнах Менску і аўтамабільныя гудкі на праспэктах. Істотны момант: сыгналілі і раней, але тое было знакам салідарнасьці з пратэстоўцамі, каля якіх праяжджалі машыны. Цяпер праспэкты былі амаль пустыя. Аўтамабілісты сыгналілі ў знак Дня Волі, прычым пад пагрозай штрафаў (якія і адбыліся).