Усё ўжо адбылося!

Няма зараз аніводнага беларуса, хто не ведае, што гэта за дата. Колькі сябе памятаю, Дваццаць Пятага Сакавіка, у Дзень Волі, мы выходзілі ў тым ці іншым фармаце да сваіх суайчыннікаў, каб расказаць ім, што гэта за свята, якое яно мае гістарычнае значэнне і якую важкасць для будучыні. Без асэнсавання наканаванай велічы гэтай даты немажліва пабудаваць яскравую і зразумелую мадэль будучыні беларускай дзяржавы, беларускай нацыі, беларускага народу і беларускай цывілізацыі. Таму не было такога году, каб мы яе не святкавалі, пра яе не пісалі, не адзначалі, не заклікалі іншых далучыцца да старонак вялікай і славутай гісторыі. Былі гады, калі святкаванне Дня Волі праходзіла ва ўрачыстай і натхняльнай атмасферы. Былі і варожыя часы, калі актывістаў хапалі, лавілі, арыштоўвалі, судзілі, каралі… Па усялякаму было. Але заўсёды знаходзіліся людзі, якія свядома ішлі на ахвяру…Некалі ў аднаго мудраца спыталі, ці доўга трэба чакаць перамен да лепшага. Мудрэц адказаў, што калі чакаць, то доўга.