Цана свабоды

Бога і свабоду дасягае той, хто трымаецца прынцыпа альбо ўсё альбо нічога. Хто б з нас не хацеў стаць сведкай такога моманту, калі сляпы раптоўна пачынае бачыць, а спаралізаваны хадзіць? Хто б не хацеў пабачыць, як, дзякуючы аднаму прамоўленаму слову, памерлы раптам выходзіць з магілы, а марская стыхія цалкам суцішаецца?Ўсё гэта можна было назіраць, калі Ісус дэманстрыраваў людзям прысутнасць Бога і Бог асаблівым чынам дакранаўся зямнога жыцця чалавека. Галодныя насычаліся, хворыя аздараўляліся, зняволеныя атрымоўвалі свабоду. Не магло быць інакш, бо там “дзе Дух Гасподні, там свабода” (пар. 2 Кар 3,17) — так пісаў Апостал Павел. Думаю, Бога які чыніць такія знакі, былі б не супраць убачыць нават і тыя, хто ў Яго не верыць. Ці магчыма такога Бога пабачыць сёння ў свеце? Бога, які адказвае на кожнае запатрабаванне чалавека і дае паўнакроўнае жыццё і свабоду. Ісус, калі пачуў, што нейкія грэкі (Ян 12,20), будучы ў Іерусаліме, таксама хацелі б Яго пабачыць, не назначае ім гадзіну спаткання, але пачынае гаварыць пра тое, што настала гадзіна Яго ўслаўлення і, што толькі тое зерне, якое памірае прыносіць плён.