Беларуска з Каліфорніі: Мы яшчэ самі будзем здзіўляцца, на што здольныя

Як дыяспара ў ЗША спрыяе ўвядзенню санкцый і падтрымлівае землякоў. Надзея Нортан – мінчанка, якая ўжо 10 гадоў жыве ў каліфарнійскім горадзе Санта-Круз. А яшчэ яна нефармальны лідар згуртавання беларусаў Сан-Францыска, натхняльніца, арганізатар і непасрэдная ўдзельніца дзясяткаў акцый салідарнасці з Беларуссю. Пра тое, як каліфарнійскія беларусы перайшлі ад культурніцкіх спраў да палітыкі, ці складана «запусціць» санкцыі і што яднае людзей, нягледзячы на часовую і геаграфічную адлегласці, Надзея распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці». – Яшчэ 9 жніўня, у дзень выбараў, мы бясспрэчна ведалі, што выйдзем у знак салідарнасці, бо ніхто не мог сядзець дома і ўсім было важна знаходзіцца разам. На жаль, у Каліфорніі няма магчымасці прагаласаваць – тут няма беларускіх амбасадаў і кансулятаў. Аднак некалькі чалавек з нашай суполкі, ведаю прынамсі пяцёх, паехалі ў Нью-Ёрк i Вашынгтон, і прымалі там вельмі актыўны ўдзел у працэсе выбараў – двое нават былі назіральнікамі ў Вашынгтоне…Мы тым часам проста сабраліся разам і праглядалі ў тэлефонах, што ж там адбываецца ў Беларусі.