«Хто галоўны герой у нашай гісторыі? Атрымліваецца, што мы ўсе»

Пазытыўныя парады хранікёраў мірнай рэвалюцыі Жвалеўскага і Пастарнак. Пісьменьнікі-суаўтары Яўгенія Пастарнак і Андрэй Жвалеўскі, якія амаль штодня вядуць у сваіх сацсетках хроніку беларускага пратэсту, расказалі «Радыё Свабода», як вызначаць самае галоўнае і пазытыўнае ў навінах і хто сапраўдны герой беларускай мірнай беларускай рэвалюцыі.  «Выпадкова стаў ньюзмэйкерам, бо ў мяне працаваў інтэрнэт»— Я чытаю практычна ўсе вашыя падсумаваньні дня. Як зьявілася сама ідэя кароткіх пастоў, у якіх сфармулявана самае галоўнае, што адбылося за дзень?Андрэй Жвалеўскі: Пачалося ўсё выпадкова. Калі 9 жніўня ўначы выключылі інтэрнэт, у мяне на адным з ноўтбукаў дзіўным чынам працаваў VPN, і я мог пісаць пра тое, што ў нас адбываецца. Збольшага гэта быў зварот да замежных сяброў, якіх у нас вельмі шмат. Тады мала інфармацыі зь Беларусі было, а тое, што выходзіла, было вельмі эмацыйнае, кшталту «Нас усіх тут хунта забівае», і зразумець, што адбываецца насамрэч, было немагчыма. Яўгенія Пастарнак: Андрэй пачаў пісаць штодня, спачатку некалькі разоў на дзень, потым раз на дзень.