Як беларусы цара забілі

140 гадоў таму выканаўчым камітэтам партыі «Народная Воля» быў забіты імператар Расійскай імперыі Аляксандр II. Выбух1 сакавіка 1881 года па старым стылі (13 сакавіка па цяперашнім) у Санкт-Пецярбургу на набярэжную Екацярынінскага канала выехаў царскі картэж у суправаджэнні казацкага канвою. Насустрач кавалькадзе ішоў малады чалавек. Раптам ён кінуў даўгаваты прадмет, які выбухнуў з аглушальным грукатам. Калі разышоўся высокі слуп дыму, стала відаць: паранены казак з царскай аховы, выпадковы хлопчык і коні, пашкоджаная карэта. Але сам Аляксандр II — цалей цэлага. Ён выйшаў з карэты да натоўпу, які сабраўся на месцы выбуху, і сказаў: «Дзякуй Богу, я жывы. . . » Ахова павінна была неадкладна адвесці цара з месца замаху, але самадзержац пажадаў агледзець параненых і затрыманага бамбіста. Увесь гэты час малады шатэн невысокага росту спакойна стаяў, прыхінуўшыся да парэнчаў набярэжнай. Але толькі Аляксандр II параўняўся з ім — кінуў паміж сабой і царом яшчэ адну бомбу. Новым выбухам і імператар, і выканаўца замаху былі смяротна параненыя.