Вясна прыйшла

Прыйшоў час высноў і іх увасаблення ў рэальнасць. Ну вось і вясна прыйшла! Можа і банальна пачынаць фельетон з такіх слоў, але не гэтым разам, і не для сённяшняй Беларусі. Тут вясну чакалі як ніколі раней. Чакалі ўсе, хтосьці з надзеяй, хтосьці з страхам, нехта з насцярогай, з трывогай, з упэўненасцю, з рашучасцю… З рознымі эмоцыямі, але ўсе. Перыяд зімовага пераасэнсавання таго, што адбылося летам і восенню мінулага году закончыўся. Прыйшоў час высноў і іх увасаблення ў рэальнасць. Высновы, да якіх прыйшло беларускае грамадства ў гэты перыяд, неўзабаве стануць дастаткова зразумелымі і набудуць лагічна акрэсленыя контуры. Яны ўжо абсалютна ясныя па большасці лёсаносных пытанняў. Ясныя мэты і задачы абодвух бакоў, і пратэснай вуліцы, і ўлады. Улада ад пачатку зрабіла стаўку толькі на сілавы варыянт, і маючы зімовую перадышку ад гіпермасавай у нядаўнім актыўнасці вуліцы, толькі ўзмацніла яго, той сілавы варыянт. Па пошук гістарычных аналогій такіх дзеянняў далёка хадзіць не трэба, іх і ў нядаўнім мінулым, і ў даўніне – дастаткова.