«Зіма ваша — вясна наша»

Што агульнага паміж беларускімі пратэстамі і польскай барацьбой супраць камуністаў. Там таксама быў свой карнавал рэвалюцыі, выключна мірныя пратэсты, потым контррэвалюцыя і нарэшце перамога тых, хто выступаў за перамены. Былі, вядома, і адрозьненьні. «Радыё Свабода» тлумачыць на гістарычных фактах, як усё гэта было. Калі палякі пачалі пратэставаць супраць камуністаў Познань, 1956 Адразу ж, калі там зьявіўся камунізм. Польшча стала камуністычнай у 1944 годзе, калі СССР усталяваў там ляяльны Маскве ўрад. Але фазы і формы барацьбы да 1989 году былі вельмі розныя. У ваенныя і пасьляваенныя гады ў Польшчы дзейнічалі дзясяткі тысяч антыкамуністычных партызанаў, якія вялі збройнае змаганьне супраць накінутай Сталіным улады. У сярэдзіне 1950-х самым буйным выступам супраць улады былі рабочыя пратэсты ў Познані. Каб здушыць вулічныя баі, улады выкарысталі войска. Забілі амаль 80 чалавек, а больш за паўтысячы паранілі. У 1970-х пратэставалі рабочыя ў гарадах на ўзьбярэжжы Балтыкі.