![]()
Захаваць нацыю і незалежнасць мы зможам толькі самі. Дыктатары прысабечылі права рашаць за народ, падмяняюць сваёй асобай дзяржаву. На палітычнай карце свету не стала беларусаў і расіян, засталіся А. Лукашэнка і У. Пуцін. Яны маюць абсалютную ўладу, кантралююць вертыкаль, усё падганяюць пад уласныя прыдумкі, якія вельмі часта бываюць архаічнымі і недарэчнымі. Грамадзянам застаецца адно — выконваць каманды. Усталяванню аўтарытарных сістэм спрыялі не толькі постсавецкія «абарыгены», затаптаныя таталітарызмам, але і многія заходнія палітыкі, дэманізуючы нахабных індывідаў, гуляючы ў «выхаваўчую дыпламатыю». Звычайныя вясковы і гарадскі «сыны вуліцы», дарваўшыся да прэзідэнцкіхкрэслаў у параўнаўча маладым узросце, уявілі сябе «вершителями народных судеб», «мессиями», хоць да старасці захавалі філасофію нішчымнага маленства: вырываць дары лёсу не здольнасцямі, а пераважна інтрыгамі, шантажом і сілай. «Харызматычнымі і ўдачлівымі палітыкамі» яны бачацца абываталям, якія прывыклі рабалепстваваць перад пасадамі і начальнікамі.