![]()
Мы заканчваем тым, з чаго пачалі. Палітычная сытуацыя ўнутры Беларусі і яе геапалітычнае становішча за апошнія паўгода імкліва зьмяніліся і працягваюць мяняцца. Гэта вымагае далейшых зьменаў і ад абуджанага беларускага грамадзтва. У пачатку сакавіка 2021 году лекары Беларусі стварылі ініцыятыву MovaMed за пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцыне. У звароце яны напісалі:«Беларусы зьмяніліся. Мы адчулі сябе нацыяй, якая мае гістарычныя традыцыі павагі да закону, талерантнасьці і спагады. Мы ня хочам зьяжджаць, мы хочам быць гаспадарамі сваёй зямлі. Хочам, каб нашы дзеці засталіся беларусамі. Нашай мэтай ёсьць вывучэньне і аднаўленьне беларускай мэдыцынскай тэрміналёгіі, свабоднае валоданьне ёй у стасунках зь беларускамоўнымі пацыентамі і калегамі, пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцынскай навуцы і дыскусіях». Гэтая, магчыма, малазначная для некага падзея, насамрэч — знак часу. Схаваная ад вачэй многіх назіральнікаў нацыянальная эвалюцыя, якая ішла ў Беларусі апошнія дзесяцігодзьдзі, і нацыянальнае паўстаньне 2020 году даюць надзею на тое, што беларускі народ пазьбегне гістарычнай сьмерці ў найбліжэйшай гістарычнай пэрспэктыве.