Тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва» споўнілася 65 гадоў

Да свайго юбілею выданне падрыхтавала адмысловы альбом. Падзяліцца 65 гадоў споўнілася тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва», перадае «Радыё Рацыя». Гэта важнае свята беларусаў Беласточчыны, але і агульнай беларускай прасторы, – кажа галоўны рэдактар газеты Яўген Вапа. Ён узгадвае, што першае знаёмства з «Нівай» для яго і для многіх адбылося яшчэ ў дзяцінстве:– Першы ўспамін свайго дзяцінства і першыя літары, з якімі знаёміўся чалавек, гэта былі кірылічныя літары ў «Ніве» і ў хатніх кнігах, якія тады купляліся. У мяне дома «Ніва» была заўсёды. Бацька, пішу і ўспамінаю, як такі сентымент, а таксама іншыя людзі гэтага хацелі, слухаць і чытаць. Мая суседка не ведала добра мовы, была ўжо слепаватая, мама беларускай мове не вучылася, таму тата кожную нядзелю спаўняў яшчэ ролю агульнага чытача, бо чытаў для мамы і для суседкі. Да свайго юбілею праграмная рада тыднёвіка «Нівы» падрыхтавала адмысловы альбом са здымкамі з розных гадоў, якія зафіксавалі імгненні беларускага жыцця на старонках газеты, пачынаючы з яе заснавання ў сакавіку 1956 года.