У Беларусi нарадзiлiся тысячы герояў

Прыгожыя, душэўныя, смелыя і непахісныя ў супрацьстаянні. Сітуацыя ў Беларусі застаецца складанай, але не такая, якой яе паказваюць прапагандысты і сілавікі, узнагароджаныя медалямі і ордэнамі. Народны пратэст не «сдулся», як задаволена лічыць рэжым, а, нібыта магма ў вулкане, спее, каб з новай сілай выбухнуць грознай лавай. У наш час стала немагчымым схаваць праўду. Палітычная актыўнасць нацыі, магутны мірны пратэст, шматтысячныя маршы сталі ў 2020 годзе важнай навіной у свеце. Асвятленне супрацьстаяння паміж народам і рэжымам працягваецца. Увага міжнароднай супольнасці цяпер прыкавана да неймаверна жорсткай судовай расправы над сотнямі мірных грамадзян Беларусі, над журналістамі, якія выконваюць прафесійны абавязак. Трэба сказаць праўду: у Беларусі грамадзянскай вайны ў класічным азначэнні няма, бо адна частка народа не ваюе з другой. Ёсць подлыя даносы, дробнае паскудства і агрэсіўныя выпады самых зацятых «ябатьков-забатьков», але гэта — з’явы лакальныя. У рэальнасці ідзе маштабная рэпрэсіўная зачыстка дыктатарам абуджанага грамадства ад імкнення да свабоды, праўды, законнасці і справядлівасці.