Гісторыя жыцця «мушкецёра рэвалюцыі» Максіма Вінярскага

Ён не ўяўляе жыцця без Беларусі і адседзеў на сутках больш за паўтара года. Ужо другі месяц у СІЗА на Валадарскага знаходзіцца актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, ён праходзіць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Вінярскага арыштоўваў ГУБАЗіК, маўляў, ён заклікаў выходзіць людзей на вуліцы і аказваць супраціў міліцыі. Максім прызнаны палітвязнем. «Наша Ніва» расказвае гісторыю гэтага нястомнага змагара. Рэдкая акцыя апазіцыі ў Мінску праходзіла без Максіма Вінярскага. Ён выходзіў, калі на вуліцу клікалі як свае калегі з «Еўрапейскай Беларусі», гэтак і партнёры з іншых арганізацый. За дваццаць гадоў, якія Максім у нацыянальным руху, на сутках ён адседзеў ужо больш за паўтара года. У нейкі момант проста кінуў лічыць. Фота з сямейнага архіва. Вінярскаму 39 гадоў, ён мінчук. Вучыўся ў школе №44 імя Якуба Коласа ў самым цэнтры сталіцы, на Нямізе, на былых Татарскіх гародах. «Мне здаецца, што гэта я падштурхнула Максіма да яго дзейнасці, — расказвае сястра Алена Церашкова.