«Радыё тысячы пагоркаў»

Мова нянавісьці з вуснаў прапагандыстаў Лукашэнкі — гэта не «перагіб на месцах». Ролік Азаронка на СТВ «Накажи их, Боже, накажи» зь відэашэрагам Бабарыкі, Герасімені, Латушукі, Ціханоўскай выклікаў пераважна жартаўлівую рэакцыю ў сацыяльных сетках. Зроблена гэта сапраўды моцна прымітыўна і патасна. Але адрасат такіх ролікаў ня большасьць грамадзтва, якая прагне пераменаў. Аўтары зьвяртаюцца да рэшткаў прыхільнікаў Лукашэнкі. Дзеля чаго? Каб трымаць у тонусе, замацоўваючы ў галовах простае пасланьне: вось яны, ворагі, і іх трэба караць. Той электарат, які застаўся ў Лукашэнкі пасьля выбараў — гэта прыхільнікі сілы, АМАПу і аўтарытарнай рукі. Аб’яднаць іх можна толькі акрэсьліўшы ворага і падмацоўваючы да яго нянавісьць. Улада не прыдумала ровар, гэтая стары прынцып «Падзяляй і ўладар». Інакш і гэты электарат проста расьцярушыцца. Звыклай палітычнай спрэчкі праўладным прапагандыстам недастаткова, яны імкнуцца расчалавечыць вобраз сваіх ворагаў. Былі ўжо наркаманы, алькаголікі, абібокі, паслугачы NATO.