![]()
Як зьмянілася муза беларускiх творцаў ад пачатку жнівеньскiх падзей? У Дзень сьвятога Валянціна журналiсты «Радыё Свабода» спыталі ў маладых беларускіх паэтаў, ці пішуцца ім вершы пра каханьне ў час, калі наўкола чутны крыкі катаваных і нават льецца кроў сяброў (а можа і каханых?). Ці ўплывае канфліктная рэчаіснасьць, а нават і турма, на іхняга лірычнага абраньніка (абраньніцу)? Як зьмянілася іхняя муза ад пачатку жнівеньскай рэвалюцыі?Наста Кудасава: «Муза стала больш жорсткай, бескампраміснай і бясстрашнай»Быў пэўны час анямеласьці: першыя некалькі месяцаў, калі ня думалася пра каханьне й не пісалася. Здавалася, што больш немагчыма будзе адчуваць звычайныя чалавечыя рэчы. Але паступова жыцьцесьцьвярджальны пачатак, мабыць, усё ж узяў верх над страхам і роспаччу, і ў вершы вярнулася ўсё самае рознае. Ёсьць адчуваньне, што сусьвет цяпер у памежным стане. Таму і кахаецца ў ім цяпер таксама больш абвострана. Муза стала больш жорсткай, бескампраміснай і бясстрашнай. Яна навучылася бачыць ясьней і прамаўляць дакладней, як мне падаецца.