Складзены першы турыстычны маршрут па пратэставых мясьцінах Менску 2020 году

Мы ніколі ня будзем ранейшымі. І горад мы ўжо ня зможам успрымаць як раней. Экскурсавод Раман Абрамчук склаў першы турыстычны маршрут, які ахоплівае найбольш знакавыя пратэставыя мясьціны Менску ўзору 2020 году, перадае «Радыё Свабода». 1. Камароўскі рынак Фото: «Радыё Свабода» Сто год таму на Камароўскім полі знакаміты авіятар-авантурыст Сяргей Вутачкін сабраў увесь Менск, каб разварушыць Камароўскае балота фэерычным відовішчам — палётам на аэрапляне і катаньнем добраахвотнікаў. А ў 2020-м ужо Сяргей Ціханоўскі разварушваў мэтафізычнае балота сваімі стрымамі ды інтэрвію ва ўсіх ахвотных, сабраўшы чаргу неймавернай даўжыні, якая авіятарскай пятлёй ахапіла квартал рынку і расьцягнулася на кілямэтар з гакам. Пасьля гэтага ўсе загаварылі пра рэвалюцыю чэргаў — на бліжэйшыя месяцы яны сталі галоўным мэтадам пратэсту. 2. Плошча Якуба Коласа Фото: «Радыё Свабода» Гэта і ёсьць цэнтар даўняй Камароўкі, былога менскага прадмесьця, якое славілася бруднымі дарогамі ды крыміналам.